ЧУМА́ ЖЫВЁЛ,

група асабліва небяспечных інфекцыйных хвароб, якія характарызуюцца вострым цячэннем, высокай заражальнасцю і лятальнасцю (70—100%). Назва «чума» адносна да хвароб жывёл запазычана з мед. тэрміналогіі. Хваробы выклікаюцца вірусамі, бактэрыямі і грыбамі розных сістэм прыналежнасці. Прыродныя ачагі Ч.ж. займаюць каля 7% сушы планеты. На чуму хварэюць буйн. раг. жывёла, свінні, птушкі (гл. Ньюкаслская хвароба); зрэдку адзначаецца ў сабак, лісоў, пясцоў, норак, ваўкоў, катоў, рыб, ракаў і інш. Для чалавека небяспечная чума вярблюда (зоаантрапанозная чума).

Крыніца інфекцыі — хворыя і перахварэлыя жывёлы; узбуджальнік выдзяляецца са слінай, калам, мачой і інш., перадаецца рэспіраторным, палавым і аліментарным шляхамі. Праяўляецца ліхаманкай, пашкоджаннямі страўнікава-кішачнага тракту, запаленнем лёгкіх і слізістых абалонак, сутаргамі, паралічам і інш. Меры барацьбы і прафілактыкі апавяшчэнне, каранцін, санітарная ахова граніц, забой хворых жывёл, спальванне трупаў, дэзінфекцыя, вакцынацыя.

Т.​У.​Шэндрык.

т. 17, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)